Курапацкае кальцо
Курапаты вярнуліся, сцвярджае ў сваім эсэ аб значэнні масавых пахаванняў на паўночны захад ад Мінска, каля кальцавой дарогі, беларускі пісьменнік Адам Свіргул.
Свіргул, які піша пад псеўданімам з-за страху перад рэпрэсіямі, перакананы, што прывіды сталінскага тэрору можна перамагчы толькі ў выпадку, калі беларусы навучацца глядзець праўдзе гісторыі ў вочы. Гэта таксама і адзіны спосаб пакінуць дыктатуру Лукашэнкі ззаду.
Нядаўна я прыдумаў сабе гульню.
Я сядаю за руль машыны і еду па мінскай кальцавой дарозе — аўтабане, які апаясвае мой горад.
Вось коміны і бетонныя каробкі цэхаў заводу колавых цягачоў. Тут будуюць грузавікі-тытаны, якія паслухмяна возяць на сваіх спінах па неахопных абшарах Імперыі ядзерныя ракеты, гатовыя знішчыць увесь свет.
Вось хрыбет панэльных кватэрных будынкаў Каменнай горкі, які ўздымаецца каскадам да гарызонта. У тысячах яго вокнаў адбіваецца асляпляльна-ружовае заходзячае сонца.
Вось люстэрка вадасховішча Дразды, дзе на далёкім беразе вырастаюць з туману абрысы далёкіх хмарачосаў, а ў нетрах цёмнага лесу на беразе хаваецца нябачная чужому воку элітная вёска, дзе жыве Тыран.
У чым цымус гэтай гульні?
А ў тым, што мяне няма ў Мінску ўжо два з паловай гады.
Я магу ганарыцца сабой. Калі я не спяшаюся і ўважліва еду, то магу ў сваім уяўленні праехаць усю шасцідзесяцікіламетровую кальцавую без вялікіх правалаў у памяці.
Але калі дарога — гэта кальцо, то дзе пачаць шлях? Звычайна я раблю гэта там, дзе траса разразае невысокі, парослы соснамі ўзгорак. На яго схілах стаяць простыя крыжы, падобныя адзін да аднога, як браты ды сёстры. Гэтае месца называецца Курапаты.
Першы шлях
Сваю першую дарогу на Курапаты я прайшоў пешкі шмат год таму. Кожны год на Дзяды — свята продкаў увосень — з цэнтра горада адыходзіла шэсце на Курапаты. Людзі неслі з сабой свечкі, напаўзабароненыя бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама вялікі звон, у які перыядычна білі на шляху, адбіваючы рытм хады. Бацька, які заўсёды хадзіў на такія мерапрыемствы, узяў мяне туды ў першы раз. Я пабойваўся пабачыць таямнічыя Курапаты. Ці не будзе там страшна, на безымянных магілах, дзе ў некалькі слаёў ляжаць людзі, забітыя сталіністамі ў 1930-ыя?
Шлях на Курапаты пачынаўся на галоўным праспекце горада, сярод багата ўпрыгожаных гіпсавай ляпнінай «сталінскіх» гмахаў, а потым блукаў скрозь бясконцыя раёны безаблічных шматкватэрных савецкіх шматпавярховак. Іх жыхары развешвалі на балконах бялізну, цягну ліся ў крамы ці проста стаялі ды са дзіўленнем ці асцярогай пазіралі на людзей са сцягамі ды свечкамі, якія плылі паўз іх раён.
Нарэшце, шлях дасягнуў падземнага пераходу пад кальцавой дарогай. У прыцемках тунэлю ўсе гукі горада адразу зніклі. Засталіся толькі крокі ног, якія адбіваліся ад сценаў.
Прысутнасць Зла
Па іншы бок кальцавой дарогі быў зусім іншы свет. Горад знік. Людзі моўчкі, павольна заходзілі ў лес, поўны чырвоных вагеньчыкаў маленькіх свечак-знічоў.
Вытаптаная дарога ўздымалася на вершыню парослай хвоямі гары. Там, пад галоўнымі, самымі вялікімі крыжамі, людзі казалі прамовы, чыталі ўголас вершы, маліліся і ціха спявалі. А потым, пасля хвіліны маўчання, усе пайшлі блукаць сярод дрэваў і крыжоў, нібы спрабуючы разгадаць імёны тых, хто ляжыць у парослых травой ямах-прагінах на схілах Курапатаў.
І хоць у Курапацкім лесе было ціха-ціха, я не адчуваў там спакою. Хутчэй — нейкую бязгучную напругу, гул, які пранізвае цела, нібыта ты набліжаешся да вельмі моцнай крыніцы энергіі.
Я спрабую знайсці універсальна вядомы візуальны вобраз, каб патлумачыць сваё пачуццё ў той момант. На памяць прыходзіць момант з фільму «Касмічная Адысея 2001» Стэнлі Кубрыка. Там людзі — ў выглядзе астранаўтаў — павольна набліжаюцца да знойдзенага пад месячыным грунтам незразумелага чорнага Маналіту. Яго значэння ніхто не разумее, але сцэна поўніцца пачуццём таго, што гэта — ключавая сустрэча, пасля якой ужо нішто не будзе так, як раней.
Зло было зусім побач — толькі працягні руку
Тое самае я зноў адчуў шмат гадоў пазней, у першыя страшныя дні пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе . Разам з вялікім натоўпам пратэстоўцаў, у прыцемк ах я падышоў да цёмнага скверу ў цэнтры Мінска. У яго глыбіні была турма Акрэсціна, да краёў набітая свежазабранымі вязнямі Тырана. Пад дрэвамі стаялі намёты з вадой, ежай і медыцынскім рыштункам — валанцёры чакалі на момант, калі з турмы пачнуць выпускаць людзей.
Далей, за перыметр, абцягнуты стужкай, пускалі толькі нешматлікіх журналістаў. Калі я крочыў праз чорны бязлюдны сквер вакол турмы, то адчуў тое самае нарастаючае пачуццё напругі. З-за дрэваў паказаўся мур, асветлены жоўтымі вулічнымі ліхтарамі. Падыходзіць блізка было нельга. Усе размовы вяліся шэптам. Над дахам застылі цені двух снайпераў. Але там, за нерухомымі маўклівымі сценамі — я ведаў — былі схаваныя ахвяры. Толькі на Акрэсціна яны былі жывыя, а тыя, хто ў Курапатах, — не.
І ў Курапатах і пад мурамі Акрэсціна я адчуў прысутнасць вялікага Зла. Яно было зусім побач — толькі працягні руку.
Курапаты, Акрэсціна — гэта былі моманты з’яўлення ў маім уласным жыцці таго самага чорнага Маналіту. Сустрэча з ім выводзіла з бессвядомага стану і прымушала задаваць сабе пытанні. Чаму магчымае зло? Што можна яму супрацьпаставіць? Ці можа быць інакш? І якая мая роля ў гэтым усім?
Жоўты пясочак
Васіль Быкаў быў адным з ключавых пісьменнікаў Беларусі. Ён прайшоў Другую сусветную вайну як просты салдат і насмеліўся пісаць пра вайну праўдзіва — не як пра геройства, а як пра вялікае выпрабаванне чалавечнасці, якое не кожны з людзей можа годна вытрымаць.
Караценькае апавядане «Жоўты пясочак» Быкаў напісаў ужо пазней, у першыя гады прыходу да ўлады Тырана. Дзея адбываецца ў фургоне грузавіка сталінскай расстрэльнай каманды НКУС, які вязе арыштаваных на расстрэл. Селянін, інтэлігент-паэт, былы арыстакрат, крымінал ьнік ды свежаарыштаваны афіцэр НКУС. Мяркуючы па быкаўскаму апісанню — іх вязуць менавіта ў Курапаты. У нейкі момант фургон вязне ў багне і спыняецца. Навокал ноч. Канваір загадвае арыштаваным вылазіць і ўласнаручна выпхнуць машыну, каб яна працягнула свой шлях да іх смерці.
Што ты зробіш, безабаронны, з голымі рукамі супраць узброеных катаў?
У Быкава не бывае галівудзкіх паваротаў. Ніхто з вязняў не збег, не абяззброіў канваіраў. Што ты зробіш, безабаронны, з голымі рукамі супраць узброеных катаў? Ды і куды бегчы? На сотні кіламетраў наўкола — Імперыя…
Арыштаваныя, па калена ў гразі, паслухмяна пхаюць грузавік наперад. Хто на загад чэкіста-канваіра, а хто па ўласнай волі, рухаючыся безнадзейнасцю, наіўным спадзевам на памілаванне, ці проста рабскім жаданнем выслужыцца. У выніку фургон працягвае свой шлях у лес на ўскрайку горада. Там усе яны лягуць з прастрэленымі галовамі ў жоўты пясочак.
Той самы жоўты пясочак я пабачыў у 2001 годзе, калі ўлады Тырана вырашылі знішчыць Курапаты пад выглядам пашырэння кальцавой дарогі. Так пачала ся першая курапацкая варта. Некалькі тузінаў актывістаў амаль год дзяжурылі ў намётах, пад дажджом і ў холадзе, каб не даць разбурыць месца памяці. У кульмінацыйны момант ланцужок людзей стаяў проста супраць бульдозераў, якія ссоўвалі каўшамі жоўты Курапацкі пясок, пагражаючы засыпаць упартых пратэстоўцаў нажыва разам з расстралянымі. Людзі, закапаныя амаль па калена, стаялі супраць бульдозераў адчайным жывым ланцугом. Замест сімвалу безнадзейнага рабства жоўты пясочак зрабіўся сімвалам адчайнага супраціву.
Бульдозеры спыніліся. Здавалася, стала можна паверыць, што ў гісторыі краіны магчымыя не толькі быкаўскія павароты.
Крыжапад
Першы шлях на Курапаты, які арганізаваў Зянон Пазьняк у 1988 годзе, пераляканыя савецкія ўлады спрабавалі разагнаць газам «чаромха» і дубінкамі міліцыянтаў. З таго часу ўлада Саветаў змянілася на ўладу Тырана, а вайна з крыжамі не спынілася.
Праз некалькі год пасля першай Курапацкай варты пачаўся чарговы наступ на Курапаты. У 2017 годзе з аднаго боку кальцавой пачалі будаваць рэстарацыю, а з іншага — бізнэс-цэнтр, адкусваючы кавалкі зямлі ад мемарыялу.
Другая Курапацкая варта была іншай. Яна паўстала не ў лесе, а на густазаселеным гарадскім баку, проста пад вокнамі шматпавярховак.
Агенты Тырана ў цывільным рабілі начныя налёты, спрабуючы разагнаць пратэстоўцаў, адзін з якіх нават прыкаваў сабе наручнікамі да міліцэйскай машыны. У паветры цягнула дымам ад вогнішчаў у жалезных цэбрах, наўкола якіх грэліся вартавыя Курапатаў. Гэтым разам жыхары навакольных дамоў не толькі назіралі. Сярод іх з’явіліся такія, хто насіў ежу пратэстоўцам, перажываў.
А потым, калі і гэты наступ на Курапаты атрымалася спыніць, абаронцы мемарыялу доўгія месяцы дзяжурылі ля брамы свежазбудаванай рэстарацыі, нагадваючы нешматлікім наведнікам пра тое, што яны будуць есці ды піць літаральна на костках ахвяраў.
Неўзабаве тыран выплюхнуў свой назапашаны шал вонкі з новай сілай. Праз два гады Курапаты атачыла міліцыя, а экскават ары пачалі бурыць крыжы. Гэтыя падзеі атрымалі назву Крыжапад.
Далейшыя падзеі нагадваюць калейдаскоп. Катастрофа каранавіруса, чыё існаванне Тыран адмаўляў. Абуджэнне людзей, якія засталіся сам-насам з хваробай. Чарговыя «выбары» Тырана, дзе адбыўся сапраўды выбух святла, і потым павольны наступ Зла на бяззбройных пратэстоўцаў. Тысячы людзей у турмах і на выгнанні. І, нарэшце, Патоп новай вайны.
Знайсці імя
Сёння Курапацкі лес агароджаны заборам — як і ў сталінскія часы. Толькі над уваходнай брамай не вартаўнік, а вочка відэакамеры.
Многія абаронцы Курапатаў, такія як Зміцер Дашкевіч і Павал Севяры нец, сядзяць у новых ГУЛАГах Тырана. Хтосьці змагаецца за Украіну. Тысячы людзей пакінулі краіну, каб зрабіцца ахвярамі тэрору, — і я таксама.
Я ніколі не меў мары з’ехаць з Беларусі. Наадварот, самай цікавай справай у жыцці для мяне заўсёды было стварэнне ўласнага жыцця ва ўласнай краіне. І Курапаты былі адной з самых важных цаглінак у падмурку гэтага пераканання. Яны ў канцэнтраваным выглядзе змяшчалі ў сабе ўсё тое, што я люблю ў Беларусі. Простыя крыжы, павязаныя белымі рушнікамі з чырвонымі ўзорамі вышыўкі — як на старых вясковых могілках. Таямнічы шум хвояў, у якіх блытаецца вецер з прыпяцкіх балатоў Палесся і блізкай Балтыкі. Імёны паэтаў і пісьменнікаў, знішчаных сталіністамі, вершы і раманы, якія яны паспелі напісаць да таго, як быць расстралянымі. Надпісы на мемарыяле і па-беларуску, і па-польску, па-габрэйску, на іншых мовах — як разнастайнасць гэтай зямлі. Усё тое, што я люблю — і тое, што Зло так апантана працягвае знішчаць.
Курапаты — жывыя
Цяпер я разумею, што Курапаты — жывыя. Зло — рэальнае, моцнае, не мае літасці, і з ім немагчыма дамовіцца. У свой першы шлях на Курапаты я гэтага яшчэ не ўсведамляў. Але гэта мне ясна паказалі Курапаты Акрэсціна, а цяпер кожнага дня нагадваюць Курапаты вайны.
Курапаты вярнуліся — бо не ўсе прайшлі свой шлях да іх. Пакуль усе беларусы не прачнуцца душой, не сустрэнуцца са сваім чорным Маналітам, не адшукаюць сярод безымянных магілаў уласнае імя, датуль мы будзем бясконца ехаць па бясконцым кальцы, дзе на кожным новым абароце — новыя Курапаты.