З Калядамі!

Каляды па-беларуску

Беларусь – памежжа культур і рэлігій, на якім розныя ўплывы з захаду і ўсходу не толькі сутыкаюцца, але нярэдка зліваюцца ў адным сплаве. Гэта тычыцца і калядных традыцый.

25 снежня беларускія каталікі святкуюць Божае Нараджэнне. У ноч на 1 студзеня ў Беларусі сустракаюць Новы год. Святкаванне ўключае ў сябе многія рытуалы, вядомыя і ў іншых постсавецкіх краінах. Праваслаўныя беларусы святкуюць Раство Хрыстова – паводле старога стылю – 7 студзеня. Акрамя таго ў Беларусі захаваўся перадхрысціянскі звычай святкаваць Каляды, якія таксама прыпадаюць на час зімовага сонцастаяння. На два тыдні жыццё амаль што прыпыняецца. На Каляды прынята спяваць – як вы гэта бачылі ў кранальным кліпе Змітра Вайцюшкевіча . А таксама частавацца (то бок шмат есці), абменьвацца падарункамі, не спяшацца, цешыцца заснежанымі краявідамі, чакаць прыезду Дзеда Мароза і Снягуркі з сядзібы ў Белавежскай Пушчы. Гэта час, каб выгнаць нячысцікаў і ўславіць сілы святла. Час паклапаціцца пра родных і сяброў. Час надзеі, што будучыня будзе лепшай за сучаснасць. І на Каляды – прынамсі, мы так чулі – здараюцца цуды.

Таму на пошукі цуду мы адправілі вядомага беларускага музыку і мастака Лявона Вольскага . І глядзі-такі: З вандроўкі па дзіўным свеце ён вярнуўся не з пустымі рукамі, а з апавяданнем, якое ён запісаў ды яшчэ зачытаў для нас і для вас – у святочнай атмасферы, як гэта мае быць на Каляды. А мы – ваш дэкодар – зычым вам яшчэ больш цудаў і галоўнае:

Вясёлых Калядаў! Фроэ Вайнахтэн!

Яшчэ адзін калядны цуд

Лявон Вольскі
Тэкст: Лявон Вольскі24.12.2021

Жыла сабе адна краіна. Жыла як усе — то добра, то ня вельмі. Жыхары ейныя былі працавітыя ды руплівыя — сеялі, жалі, будавалі, пісалі кнігі, сьпявалі песьні, нараджалі дзяцей. Адно было ў гэтай краіне ня так, як ва ўсіх — ня мела яна караля. Ну, ня мела й ня мела. Зьбіралася двойчы на год рада старэйшынаў, вырашала надзённыя пытаньні ды разыходзілася. Так і жылі. 

І вось аднаго разу зьявіўся ў галоўным горадзе гэтай краіны адзін вандроўнік. Стаў ён на галоўнай плошчы галоўнага гораду і пачаў прамову:

Людзі! Суайчыньнікі! Давайце я зраблюся вашым каралём! З каралём вы ператворыцеся ў каралеўства, а ў каралеўстве і зарплаты вышэйшыя, і адпачынкі даўжэйшыя.

Паслухалі яго людзі і абралі сваім каралём. Бо хацелі, каб паболелі зарплаты і адпачынкі. А кароль замест таго, каб займацца зарплатамі і адпачынкамі, пачаў прымаць законы. І гэтыя законы забаранялі выходзіць на галоўную плошчу і нешта гучна прамаўляць, а таксама быць незадаволенымі каралеўскай уладаю, велічынёй зарплатаў і даўжынёй адпачынкаў. Гэтыя адпачынкі дык наагул адмянілі. Бо ў тыдні ёсьць выходныя дні, можна і так нармальна адпачыць. А яшчэ кароль загадаў адмяніць Каляды і Новы год, бо сьвяты мусяць несьці “ідэалягічную нагрузку” — так тлумачыў кароль сваім міністрам. І тады засталіся ў краіне толькі сьвяты з гэтай “нагрузкай” — Дзень Пачатку Вялікай Вайны, Дзень Заканчэньня Вялікай Вайны, Дзень Працы, Дзень Любові да Караля… А Каляды і Новы год забаранілі. 


І пацягнуліся — адзін за адным — доўгія нудныя гады. Каляды сьвяткавалі па дамах — нягучна й неяскрава, каб ніхто не заўважыў і раптам не данёс каралеўскай варце. Бо калі гэтая варта даведвалася, што нехта сьвяткуе Каляды, усю сям’ю кідалі ў вязьніцу на доўгія гады. Замест сьвяткаваньня Навагодзьдзя кароль выходзіў на адмыслова сканструяваную дзеля гэтага сцэну каля свайго палаца і казаў прамову. Маўляў, як добра жывецца ў каралеўстве, усе шчасьлівыя і задаволеныя, але суседнія краіны не хаваюць сваёй варожасьці, плятуць падступныя інтрыгі, таму трэба быць пільнымі і выкрываць варожых агентаў, якіх, хоць ужо і меней, чымся раней, але яшчэ досыць. І таму трэба любіць і шанаваць каралеўскую варту, якая няўхільна змагаецца з замежным уплывам у нашым улюбёным родным каралеўстве. 

Гэтай каралеўскай варце было дазволена абсалютна ўсё. Вартаўнікі хапалі людзей на вуліцах ці то ўломваліся ў кватэры і забіралі сонных людзей з ложкаў. Жыхароў каралеўства кідалі ў вязьніцу за неасьцярожнае слова, за ўздых, за позірк. А потым пачалі хапаць і проста так, без дай прычыны, бо за кожнага арыштаванага плацілі грошы, а калі, напрыклад, схапіў сотню жыхароў каралеўства, дык падвышалі ў званьні. Таму неўзабаве каралеўская варта складалася толькі з афіцэраў не ніжэйшых ад маёра і генэралаў. Яны яшчэ пасьмейваліся:

Быў бы чалавек, а ў чым ён вінаваты, мы знойдзем”. 

А кароль тым часам загадаў усё ў каралеўстве фарбаваць адной шэра-зялёнай фарбай. Усё — будынкі, масты, машыны, ліхтарныя слупы. Вось пайшла расколіна па сьцяне дома, дык адразу прыяжджае рамонтная брыгада — запампавалі фарбы колькі трэба, пафарбавалі звонку — і ўсё, быццам расколіны і няма. Так і зь іржою. Заржавеў недзе жалезны слуп — прыехалі, пафарбавалі, дык быццам і не іржавы. І хутка ўсё ўжо зрабілася шэра-зялёнае. Калі што — падфарбоўвай крыху, і нібыта ўсё ў парадку. Дзеля таго, каб гэтай шэра-зялёнай фарбы было ўдосталь, кароль распарадзіўся ў кожным горадзе будаваць заводы, якія б яе выраблялі. А ў вялікіх гарадах — дык па некалькі заводаў. І вось ужо тысячы людзей працуюць, вырабляюць шэра-зялёную фарбу. Яна ліецца няспыннай плыньню, заліваецца ў слоікі, цыстэрны, бакі… А тысячы іншых людзей няспынна фарбуюць-малююць, зафарбоўваюць расколіны, залысіны, паліняласьці, іржу. Асабліва старанныя начальнікі дык загадвалі і дрэвы фарбаваць на падкантрольнай ім, гэтым начальнікам, тэрыторыі, і траву. Каб было зусім аднастайна, а значыцца, прыгожа. 

А потым кароль выдаў загад, каб усе падданыя апраналіся аднастайна. У шэра-зялёную вопратку. Зімой — у цёплую, а летам — у лёгкую. А на рукавах гэтае вопраткі мусяць быць нашытыя шэўроны — па іх відаць, чым займаецца, дзе працуе той ці іншы чалавек. Калі на шэўроне рыдлёўка, значыцца, чалавек капае зямлю, калі пяро — значыцца, перад табою пісьменьнік, калі памяло — прыбіральнік. Так і зрабілі. Усіх апранулі аднастайна. А хто не хацеў насіць новую вопратку, па таго прыходзіла каралеўская варта, і ўсё адно даводзілася насіць аднастайную вопратку, толькі ўжо ў турме. 

І яшчэ забаранілі граць і сьпяваць усе песьні, апроч каралеўскага гімну. Нават вулічным музыкам было дазволена граць толькі гэты гімн. І ў філярмоніі, і ва ўсіх канцэртных залях гралі і сьпявалі толькі адзін каралеўскі гімн. Некаторыя музыкі дык і ўзрадаваліся — раней трэба было шмат чаго развучваць, падбіраць, рэпэтаваць, а цяпер — вывучыў гімн і грай яго ўсё жыцьцё! Пачалі ладзіць конкурсы на найлепшае выкананьне гімну, спэцыяльная камісія праслухоўвала выканаўцаў, абірала найлепшых, уручала граматы і падзякі. І наадварот, за кепскае выкананьне гімну маглі выгнаць з працы ці нават кінуць у вязьніцу. 


І прыехаў неяк у гэтае каралеўства напярэдадні… ой, не, слова “Каляды” ўжо нельга вымаўляць, забаронена! Дык вось, прыехаў недзе пасьля дваццатага сьнежня ў гэтае каралеўства адзін вандроўны музыка. Ледзьве прапусьцілі яго празь мяжу, усё пыталіся: “А што гэта за мех у вас?”. А ён ім: “Я ж вандрую, дык усё, што маю, у гэтым меху з сабою важу”. “А гэта што за музычны інструмэнт?”. “Гэта мая скрыпка, я на ёй граю і так зарабляю на жыцьцё”. “Але вы мусіце ведаць, што ў нашым кралеўстве дазваляецца граць адно каралеўскі гімн. Ніякія іншыя мэлёдыі-гармоніі нельга. А той, хто парушыць гэты закон, будзе мець справу з каралеўскай вартай”. “Не, я ня ведаў, але, дзякуй, цяпер буду абазнаны”. Ну, добра, прапусьцілі яго, і прыехаў ён у галоўны горад каралеўства. І пачаў пытацца ў мінакоў: 

— А чаго гэта ў вас усё такое змрочнае? Дзе калядная ілюмінацыя, зорачкі, сьвечкі, званочкі? Дзе калядны кірмаш? 

Але мінакі толькі прысьпешвалі хаду, а нехта й пальцам ля скроні пакруціў. І тут падскочыла да музыкі каралеўская варта. Пацягнула яго ў вязьніцу. 

— Чаму апрануты не па форме? — пытаюцца. 

— Дык я ж толькі прыехаў, не асвойтаўся шчэ. 

А што гэта ў цябе ў меху? — пытаюцца. 

— Гэта во — скрыпка мая, — адказаў музыка. — Хочаце — зайграю? 

— Ну, грай! — скамандаваў начальнік. — Грай каралеўскі гімн!

 І як пачаў тут граць на скрыпцы музыка! Ударыў смыкам па струнах — і такое пачалося! Усе ў вязьніцы пачалі танчыць — і ня хочуць, а нічога зрабіць ня могуць, ногі самі ідуць у танок! І спыніцца ня могуць. Відаць, чароўная тая скрыпка была! І ад гэтых іхных танцаў-скокаў уся вязьніца пакрылася расколінамі ды развалілася. Бо муры ейныя былі ўсе здранцьвелыя, адно трымаліся на тоўстых слаях шэра-зялёнай фарбы. А тут ад тупату мноства ног яны зайшлі ў рэзананс з падлогаю і ня вытрымалі. Вязьні разьбегліся хто куды, варта таксама паразьбягалася, бо надта ўжо спалохаў яе гэты цуд. 

А музыка йшоў па горадзе, граў сабе на скрыпцы, усе вакол пачыналі танчыць і ўсе зялёна-шэрыя будынкі, помнікі, бігборды, машыны трушчыліся й руйнаваліся. І палац каралеўскі разваліўся, і ўсё збудаванае за доўгія гады шэра-зялёнае ўлады. І тут адарваў музыка смык ад струнаў і ўсе месьцічы ўбачылі, што стаяць яны пасярод руінаў галоўнага гораду. Сярод шэра-зялёнага друзу. Але некаторыя будынкі ацалелі. Тыя, што былі збудаваныя даўно, яшчэ да таго, як краіна ператварылася ў каралеўства. 

— Ну, вось, — хаваючы скрыпку ў мех прамовіў Сьвяты Мікалай (вядома ж, гэта быў ён!), — я выканаў галоўнае вашае жаданьне! А цяпер засталася драбніца — усім узяцца ды збудаваць свой горад і сваю краіну нанова. 

І тут падзьмуў моцны штармавы вецер і зьнёс усё шэра-зялёнае сьмецьце ў невядомым напрамку. А пасярод гораду раптам вырасла высокая яліна, уся ў гірляндах, цацках ды агеньчыках. Людзі скінулі зь сябе шматгадовы паўсон. Людзі заўсьміхаліся. Людзі засьмяяліся! Людзі пачалі скідаць зь сябе пачварнае шэра-зялёнае адзеньне й пераапранацца ў рознакаляровае. Людзі пачалі сьпяваць песьні й вадзіць карагоды. Людзі пачалі сьвяткаваць і весяліцца. Паглядзеў на іх Сьяты Мікалай, усьміхнуўся й прамовіў: — Я ведаю, усё ў вас атрымаецца!


Ідэя, канцэпцыя і рэдакцыя: Інго Пэтц
Дызайн: Даніэль Маркус
Застаўка: кліп „На Каляды“ Змітра Вайцюшкевіча
Фота: © Андрэй Лянкевіч/Anzenberger
Казка і музыка: Лявон Вольскі
Відэа і мантаж: Антон Жыбанаў
Пераклад на беларускую: Кацярына Тэвес
Карэктура: Андрэй Хадановіч