Каляды бязь межаў

Лявон Вольскі
Тэкст: Лявон Вольскі21.12.2022

Дзяржаўная мяжа — гэта такая рэч… Як бы гэта пакарэктней выказацца? Ну, карацей, якая дзяржава, такая ў яе і мяжа. Вось калі дзяржава міралюбная і сяброўская, і атачаюць яе такія самыя рахманыя краіны, дык ейная мяжа можа быць і чыста ўмоўная. Хутчэй за ўсё, цябе там ніхто й не спыніць. Не правераць твае дакумэнты, не паставяць у пашпарт пячатку, не запытаюцца пра мэту візыту. Натуральна, што езьдзіць праз такія межы лёгка ды прыемна. 

Але ёсьць у сьвеце і іншыя дзяржавы — мілітарысцкія, дыктатарскія. У гэтых дзяржавах апяваецца вайна, колішняя вялікая перамога, маўляў, мы некалі перамаглі злосных ворагаў, але цяпер яны зноў падымаюць галаву, зноў хочуць нас прынізіць і нахіліць, зрабіць нас сваімі рабамі, адабраць у нас нашую палітую потам, сьлязьмі ды крывёй шматпакутную родную зямельку! На мяжы такой краіны поўна розных службовых асобаў — памежнікі, мытнікі — зь пісталетамі, аўтаматамі, электрашокерамі, мэталадэтэктарамі, службовымі сабакамі. Памежнікі пільна ўглядаюцца табе ў вочы, нібыта падазраюць, што ты задумаў зьдзейсьніць злачынства на тэрыторыі іхняй краіны, мытнікі пытаюцца, ці не правозіш ты нешта забароненае і загадваюць выкласьці ўсе рэчы з торбы, каб упэўніцца, што нічога забароненага напраўду няма. А забароненае ў гэтай іхняй краіне можа быць усё, што хочаш — і кніга, і музычная плытка, і нават шкарпэткі нейкіх «ня тых» колераў — напрыклад, белыя з чырвоным ці жоўтыя з блакітным. Вось знойдуць яны ў цябе такія шкарпэткі і пачнуць з табой разьбірацца, нібыта ты экстрэміст і тэрарыст і хочаш зрынуць законна абраную уладу ў іхняй краіне. Натуральна, пераезд празь мяжу такой краіны — гэта страх, нэрвы і стрэс. І лепей там наогул ня езьдзіць. А калі вельмі патрэбна?


А нашаму герою якраз было вельмі патрэбна. Ён стаяў у чарзе на мяжы. Дакладней, не стаяў, а сядзеў за стырном свайго старэнькага Volvo. І аўто было старое, і герой наш ня надта малады. Ён ехаў з паўночнага захаду на зімовыя сьвяты ў госьці да сваіх сваякоў. Прынамсі, так ён сказаў сэржанту, які перад памежным шлягбаўмам перапісаў нумар старога Volvo і, як у іх прынята, запытаўся пра мэту прыезду. 

— А якія ў вас тут сваякі? — працягваў сэржант. 

Дарагі мой хлопчык, у мяне шмат сваякоў. Вельмі шмат. 

Сэржант пакрывіўся. Яго ніхто ніколі не называў «дарагім маім хлопчыкам». Нават мама заўжды казала на яго «Васілій». «Васілій, нам трэба зьбірацца ў дзіцячы садок», — казала яна. Ці: «Васілій, твой бацька быў вельмі кепскі чалавек». Ці: «Васілій, ты будзеш пакараны». Альбо: «Васілій, ты проста копія свайго бацькі!».

Таму сэржант паморшчыўся і сувора вымавіў:

— Шмат сваякоў? Вельмі шмат? Можа, вы маеце сваякоў і ў краіне, якая цяпер у стане вайны з нашай старэйшай дзяржавай-сястрой?

Трэба тут сказаць, што агрэсіўныя таталітарныя дзяржавы сябруюць і нават называюць сёстрамі такія самыя змрочныя ўтварэньні, дзе пануюць дыктатура і прыгнёт. 

— Значыцца, маеце сваякоў у краіне, дзе фашызм, сыянізм і нацыяналізм падымаюць галаву?
— Я, дарагі мой хлопчык, паўсюль маю сваякоў і добрых сяброў. 
— Мне ўсё ясна, — падвёў рысу сэржант і паведаміў начальніку зьмены, што празь мяжу едзе нейкі падазроны іншаземец. 

Тады пачалі правяраць машыну гэтага іншаземца. Глядзяць, а ў багажніку шмат рэчаў белага і чырвонага колераў! А ўлады гэтай краіны акурат забаранілі гэтыя два колеры. Ну, тут такое пачалося! Прыехалі нейкія спэцыяльныя карныя атрады, закулі нашага героя ў кайданкі і павезьлі ў вязьніцу. 

Ты што, — пытаюцца, — рэвалюцыю да нас рабіць прыехаў?

— Ды не, я на сьвяты зімовыя. На Каляды. 
— У сэнсе? На Новы год?

І тут трэба зазначыць, што ў гэтай краіне афіцыйна сьвяткаваць Каляды не было прынята. Тое сьвята, якое сустракаюць з 24 на 25 сьнежня. А сьвяткавалі адно Новы год — з 31 сьнежня на 1 студзеня.

— І на Новы год таксама, — адказаў наш герой. — Але перш за ўсё — на Каляды, на гэтае чароўнае, цудоўнае зімовае сьвята. It’s the most wonderful time of the year, — працытаваў ён вядомую калядную песьню.

А, дык ты яшчэ на варожай мове размаўляеш! — абурыліся карнікі. — Ну, усё, гамон табе! Загрыміш гадоў на дваццаць. 

— Паглядзім, — спакойна адказаў іншаземец.

І вось ён апынуўся ў халоднай камэры, поўнай розных вязьняў. Аднаго сюды кінулі за камэнтар пад пастом у інтэрнэце, другога — наогул — за лайк, трэцяга — за бел-чырвона-белы бранзалет, чацьвертага проста бяз дай прычыны схапілі на вуліцы, выдзерлі з рукі тэлефон і напісалі ў твітары: «Мянты — казлы». Нібыта гэта ён сам напісаў. І за гэтае нібыта «злачынства» і пасадзілі. 

Штодзьве гадзіны ў камэру ўрываліся службовыя асобы, усіх абшуквалі і страшна лаяліся. 

— Чаго гэта яны такія злосныя? — запытаўся пасьля чарговага шмону наш герой у сукамэрнікаў.
— Дык а нармальны добры чалавек на такую працу ня пойдзе, — адказалі яму. — Вы толькі іх ня злуйце, бо яны й зьбіць могуць. 
— Паглядзім, — задуменна вымавіў іншаземец. 

У іхняй камэры не было матрасаў, падушак і коўдраў. Усе спалі на мулкіх жалезных ложках ці папросту на голай падлозе. Два чалавекі хварэлі, але ніхто іх ня лекаваў. 


І вось неяк раніцою (а гэта была раніца 24 сьнежня) усе прачнуліся ад вельмі прыемнага паху. Гэта быў водар сьвежае кавы! І ўсе няшчасныя вязьні зьнянацку пабачылі, што ляжаць яны на мяккіх пярынах і бялюткіх падушках, а ўкрываюць іх цёплыя лёгкія коўдры. 

 — Калі ласка, кава і круасаны! — прапанаваў сукамэрнікам наш герой. На срэбнай тацы стаялі філіжанкі з кавай і сподачкі з круасанамі. 

І тут у камэру ўварвалася ўзброеная ахова. 

Хто дазволіў?! Не паложана!!!  — нема раўлі дзецюкі ў форме. 

— Дарагія мае хлопчыкі, — зьвярнуўся да іх наш іншаземец. — Сядайце! Кавы і круасанаў хопіць на ўсіх. 
— Ды я табе… Ды я… — наставіў аўтамат на нашага героя цыбаты ахоўнік. 

Але раптам усе заўважылі, што ягоны аўтамат не сапраўдны. Цацачны чырвоны аўтамацік, якія прадукуюць для малых дзяцей, каб тыя змалку прызвычайваліся да вайны і службы ў войску. 

Гэтага ахоўніка таксама ніхто не называў «дарагім маім хлопчыкам». Бацька найчасьцей казаў на яго «прыдурак», а маці — «малы». А другога ахоўніка мама называла «клоп» а бацька — «нашчадак».  А трэці ахоўнік ня памятаў, як да яго зьвярталіся бацькі. Ён і саміх бацькоў кепска памятаў.

І тады цыбаты ахоўнік сеў на бялюткую пярыну і голасна заплакаў. Два другія службоўцы кінулі долу свае вадзяныя пісталецікі і таксама заскавыталі-заскуголілі. Людзі выходзілі са сваіх камэраў, а паўсюць плакалі, румзалі, скавыталі ды скуголілі турэмныя службоўцы. Выйшаў на марозную вуліцу і наш герой. Павольна падаў мяккі сьняжок. Да героя пад’ехала старэнькае Volvo, і ён сеў за стырно. 

І тут раптам аўто ператварылася ў вялікія зімовыя сані, а наперадзе нецярпліва білі капытамі вобзем імпэтныя паўночныя алені.

— Няўжо яны думалі, што на Каляды дзеці застануцца без падарункаў? — усьміхнуўся у вусы Сьвяты Мікалай. — Не, усе ўсё атрымаюць. І дзеці, і дарослыя. Хто што заслужыў. 

І сані зьніклі ў вечаровым зімовым небе, на якім раптам зайграла паўночнае зьзяньне.